СЕ́ЙЛАВІЦКІ БОЙ 1943,
бой партызанскага атрада імя Шчорса (камандзір А.І.Колчанка) па разгроме фаш. гарнізона (каля 100 гітлераўцаў) у в. Сейлавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. 7—8 вер. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон, умацаваны сістэмай дзотаў, бункераў, лініямі траншэй з калючым дротам, замініраванымі ўчасткамі абароны, перашкаджаў перадыслакацыі і баявым рэйдам партыз. фарміраванняў у зах. ч. Беларусі. Скарыстаўшы сітуацыю, калі 60 гітлераўцаў гарнізона накіраваліся ў г.п. Гарадзея, партызаны (350 чал.) скрытна падышлі да гарнізона, атакавалі і разграмілі яго. Адышлі без страт з захопленай ням. зброяй і боепрыпасамі.
т. 14, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)